Новости школы - СШ 177
Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Разделы сайта

Главная
20.05.2020

 З 2013 года сярэдняя школа № 177 Мінска з’яўляецца рэсурсным цэнтрам па спецыяльнай адукацыі (інтэграваным навучанні і выхаванні). На базе ўстановы быў адкрыты філіял Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. Як расказала намеснік дырэктара школы па вучэбнай рабоце Вольга Валер’еўна Сідарэнка, на працягу 10 гадоў тут вучацца дзеці з АПФР. Калі спачатку былі 3 такія вучні, то зараз — 86, у тым ліку 11 дзяцей з аўтызмам.

 “Нашу школу наведваюць больш за 800 вучняў, якія ў асноўным пражываюць у Першамайскім раёне Мінска, — гаворыць Вольга Валер’еўна. — Але прыязджаюць і навучэнцы з Мінскага раёна (Копішча, Калодзішчаў). Многіх бацькі прыводзяць сюды мэтанакіравана, бо ўпэўнены, што ўсе дзеці, незалежна ад іх асаблівасцей, тут адчуваюць сябе камфортна. Некаторых пераводзяць у школу з іншых устаноў адукацыі. Напрыклад, у гэтым навучальным годзе ў 6 клас прыйшоў хлопчык з аўтызмам. Раней ён вучыўся ў школе-інтэрнаце. Аднакласнікі вельмі добра яго прынялі. Больш за 10 гадоў дырэктарам школы з’яўляецца Таццяна Васільеўна Маўчанава.

 Фарміраваць талерантныя адносіны да людзей з абмежаваннямі ў першую чаргу даводзіцца ў бацькоў звычайных дзяцей. Пры прыёме дакументаў у 1 клас некаторыя з іх просяць не запісваць іх дзіця ў інтэграваны клас, маўляў, асаблівыя школьнікі паводзяць сябе агрэсіўна, перашкаджаюць вучыцца аднакласнікам, яны выхоўваюцца ў сацыяльна нядобранадзейных сем’ях. Усё гэта стэрэатыпы. Занадта заклапочаных бацькоў мы запрашаем наведаць школу, бацькоўскія сходы, адкрытыя заняткі і святы з удзелам асаблівых дзяцей. Як правіла, пасля больш блізкага знаёмства з жыццём нашага калектыву бацькі спакойна аддаюць дзяцей у класы інтэграванага навучання і выхавання”.

 Для вучняў пачатковых класаў у школе функцыянуюць 11 класаў інтэграванага навучання і выхавання поўнай мадэлі і 2 спецыяльныя класы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. З 5 па 11 клас працуюць 2 інтэграваныя класы поўнай мадэлі напаўняльнасці і 2 — няпоўнай. Трое навучэнцаў вучацца дома. Вучні з асаблівасцямі займаюцца па праграмах для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні, з цяжкімі парушэннямі маўлення, I і II аддзялення дапаможнай школы. Паказальны прыклад, што ў 2018/2019 навучальным годзе 18 з 42 навучэнцаў з асаблівасцямі пасля праходжання напрыканцы года камісіі ў ЦКРНіР Першамайскага раёна пераведзены на навучанне па праграме агульнай сярэдняй адукацыі.

 “Па меры таго як у школе павялічвалася колькасць дзяцей з АПФР, расла і колькасць спецыялістаў, якія з імі працуюць, — адзначае Вольга Валер’еўна. — Зараз у нас працуюць 15 настаўнікаў-дэфектолагаў, 5 з іх — маладыя спецыялісты, і 10 выхавальнікаў, якія арганізуюць індывідуальнае суправаджэнне навучэнцаў з расстройствамі аўтыстычнага спектра (па заключэнні ЦКРНіР для такіх навучэнцаў прадугледжана індывідуальнае або групавое суправаджэнне). На базе ўстановы дзейнічаюць метадычныя аб’яднанні выхавальнікаў індывідуальнага суправаджэння, настаўнікаў-дэфектолагаў, раённая творчая майстэрня “Прыступкі росту”, у якой больш вопытныя настаўнікі-дэфектолагі перадаюць свае веды пачынаючым спецыялістам”.

 Кіраўніком творчай майстэрні і рэсурснага цэнтра спецыяльнай адукацыі з’яўляецца Вольга Валер’еўна Сідарэнка. Яна скончыла Віцебскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Выхавальнік, метадыст, настаўнік-дэфектолаг”, прайшла перападрыхтоўку на базе вышэйшай адукацыі ў АПА па спецыяльнасці “Педагог-псіхолаг”. У рабоце рэсурснага цэнтра, акрамя Вольгі Валер’еўны, задзейнічаны многія іншыя педагогі. Асноўная мэта рэсурснага цэнтра — удасканаленне якасці інтэграванага навучання і выхавання дзяцей з АПФР, павышэнне прафесійнай кампетэнцыі педагогаў, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі, распаўсюджванне эфектыўнага педагагічнага вопыту работы, што спецыялісты актыўна робяць, у тым ліку праз асабістыя блогі.

В.В.Сідарэнка разам з калегай Н.А.Прымачовай.

 З 1 верасня 2018 года сярэдняя школа № 177 Мінска з’яўляецца філіялам Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. За гэты час сумесна праведзены 30 адкрытых урокаў і карэкцыйных заняткаў для студэнтаў і слухачоў інстытута, рэспубліканскі вэбінар. “Студэнты прыходзяць у нашу школу на практыку і атрымліваюць каласальны вопыт узаемадзеяння з дзецьмі з рознымі асаблівасцямі. У сваю чаргу педагогі і бацькі асаблівых дзяцей маюць магчымасць кансультавацца са спецыялістамі інстытута па пытаннях навучання і выхавання дзяцей, выбару для іх адукацыйнага маршруту, — падкрэслівае Вольга Валер’еўна. — Сёння я вучуся ў магістратуры інстытута, даследую праблемы навучэнцаў старшых класаў з цяжкасцямі ў навучанні. Такія навучэнцы займаюцца па звычайных падручніках, але па сваіх спецыяльных праграмах. Таму неабходна з метадычнага пункту гледжання мадыфікаваць для іх успрымання вучэбны матэрыял. Я працую над адаптацыяй методыкі выкладання вучэбных прадметаў ва ўмовах рэалізацыі прынцыпу інклюзіі ў адукацыі пад навуковым кіраўніцтвам загадчыцы кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі В.В.Далівелі.

 У 2020/2021 навучальным годзе дацэнт гэтай кафедры В.Э.Гамановіч сумесна са студэнтамі інстытута, настаўніцай англійскай мовы К.С.Ліцвінко і настаўнікам-дэфектолагам А.У.Аляшкевіч нашай школы плануюць паспаборнічаць у конкурсе на атрыманне гранта Мінгарвыканкама з праектам “Фарміраванне гатоўнасці да вывучэння англійскай мовы на карэкцыйных занятках па развіцці пазнавальнай дзейнасці сродкамі крэатыўных тэхналогій”. З 2019 года школа наладзіла ўзаемадзеянне з АПА. Праведзены два адкрытыя прагляды для слухачоў, семінары па арганізацыі карэкцыйных заняткаў, па адаптацыі вучэбнага матэрыялу да ўспрымання дзецьмі з АПФР. Для слухачоў Мінскага абласнога ІРА ў рамках перападрыхтоўкі настаўнікі-дэфектолагі школы праводзяць майстар-класы, адкрытыя ўрокі. На базе школы ладзяцца раённыя метадычныя аб’яднанні настаўнікаў-дэфектолагаў і выхавальнікаў, метадычныя дэкады настаўнікаў-дэфектолагаў, падчас якіх вялікім попытам, асабліва ў настаўнікаў-прадметнікаў, карыстаюцца адкрытыя ўрокі на другой ступені адукацыі, дзе педагогі дэманструюць цікавыя метады і прыёмы работы з дзецьмі з АПФР з выкарыстаннем ІКТ, інтэлект-карт, мнематэхнікі, нетрадыцыйных выяўленчых тэхнік, цестапластыкі, пластылінаграфіі, тэатралізаванай дзейнасці”.

  Рэсурсны цэнтр па спецыяльнай адукацыі сярэдняй школы № 177 Мінска з гэтага навучальнага года працуе з бацькамі, педагогамі і навучэнцамі не толькі сваёй установы, але і раёна і горада. З 2020 года тут дзейнічае гарадскі бацькоўскі клуб, на якім выступаюць спецыялісты ўстаноў адукацыі. Сустрэчы праходзяць кожную трэцюю суботу месяца. У іх ужо прымалі ўдзел спецыяліст у галіне прыкладнога аналізу паводзін Г.Д.Каліноўская, псіхолаг А.А.Новік, рэжысёр і цьютар сямейнага інклюзіў-тэатра “i” Л.М.Дзінерштэйн, намеснік дырэктара ЦКРНіР Першамайскага раёна А.У.Лукашэвіч, дацэнт кафедры педагогікі і псіхалогіі інклюзіўнай адукацыі Інстытута інклюзіўнай адукацыі А.С.Брыкава, якая кансультавала па пытаннях паводзінскага аналізу, рабоце з дзіцячай агрэсіяй.
Педагогі рэсурснага цэнтра прымаюць удзел у выставах, канферэнцыях, інтэрнэт-праектах, семінарах, інфармацыйных кампаніях, прымеркаваных да пэўных дат, конкурсах, якія праводзяцца як у Беларусі, так і за яе межамі. У 2018 годзе настаўніку-дэфектолагу А.А.Кароль прысвоена прэмія Мінгарвыканкама за вопыт “Выкарыстанне электронных сродкаў навучання на вучэбных занятках для павышэння пазнавальнай актыўнасці ў навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. У мінулым годзе настаўніку-дэфектолагу Н.М.Рубаха прысвоена прэмія Мінгарвыканкама за вопыт “Выкарыстанне тэатралізаванай дзейнасці як сродак фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”.

 У канцы мінулага года навучэнцы з цяжкасцямі ў навучанні 4 і 5 класаў пры падтрымцы сваіх педагогаў прынялі ўдзел у штогадовай міжнароднай алімпіядзе па рускай мове, матэматыцы, прадмеце “Чалавек і свет” “Усё пра ўсё — 2019” (дыстанцыйны этап) ад школы-інтэрната “Пераадоленне” для навучэнцаў з абмежаванымі магчымасцямі здароўя гарадской акругі Самары. Разам з дзецьмі педагогі школы сталі ўдзельнікамі дабрачынных мерапрыемстваў на базе дзіцячай SOS-вёскі ў Бараўлянах, зімовага паўмарафону прыватнай сацыяльна-дабрачыннай спартыўнай установы “Каманда “Крылы анёлаў”, інклюзіўнага балю на базе Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі.

 “Тры гады назад на базе нашай установы пачаў функцыянаваць інклюзіўны тэатр “Аднолькавыя”, у які ўваходзяць розныя катэгорыі дзяцей, у тым ліку дзеці з аўтызмам, — расказала Вольга Валер’еўна. — У школе займаюцца 11 вучняў з аўтызмам, з іх 2 — на другой ступені адукацыі. Першым дзіцем з аўтызмам, якое прыйшло да нас 8 гадоў назад, стаў Максім Лагун, таленавіты акцёр інклюзіўнага тэатра “і”, пераможца ў намінацыі “Спорт аб’ядноўвае” ў папярэднім этапе рэспубліканскага конкурсу “Алімпійскі агонь запальвае сэрцы”, уладальнік дыплома за 1-е месца ва ўзроставай групе 10 гадоў у генеральнай і нацыянальнай катэгорыях Міжнароднага мастацкага конкурсу кніжнай закладкі “Мая маленькая радзіма” ў Варшаве, удзельнік Міжнароднай выставы дзіцячай мастацкай творчасці “Енісейская мазаіка” (Краснаярск) і інтэрнэт-конкурсу малюнка “Марка дружбы” (Херсон), выніковай выставы арт-студыі “Востраў” Ю.А.Іванова Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і інш.

 Юныя тэатралы ўдзельнічаюць у класічных пастаноўках, у лялечных і батлеечных спектаклях, тэатры рук і ног. Мы выкарыстоўваем тэатралізаваную дзейнасць не толькі ў пазакласнай рабоце, але і на ўроках. А пачалося ўсё з невялікіх інсцэніровак у класах з мэтай разняволіць асаблівых дзяцей, каб яны знайшлі кантакт з равеснікамі, узбагацілі эмацыянальны вопыт, слоўнікавы запас, навучыліся карыстацца мімікай і жэстамі. Даволі хутка мы пачалі выступаць на сцэне школы, выйшлі на раённы і гарадскі ўзроўні і г.д. Першыя перамогі ў конкурсах надавалі сіл рухацца далей. Для пастановак выбіраем тэксты вядомых мастацкіх твораў, некаторыя з іх перапрацоўваем, адаптуючы да ўспрымання дзяцей.
 У 4 класе школы вучыцца Стэфан Шэўчык, дзіця з аўтызмам, якое піша казкі, дакладней, ён іх малюе, а затым расказвае пра свае пачуцці. Па яго аповедах педагогі пішуць сцэнарыі. Над пастаноўкамі працуе творчы калектыў настаўнікаў-дэфектолагаў, настаўнікаў пачатковых класаў, а таксама вучні школы. У падрыхтоўцы мюзіклаў адначасова бываюць задзейнічаны да 30 дзяцей. Гледачы, якія прыходзяць на нашы спектаклі, часта не вераць, што перад імі выступаюць дзеці з асаблівасцямі. Гэта выклікае ў іх шчырае здзіўленне.

 У пазамінулым годзе мы прынялі ўдзел у мінскім раённым конкурсе “Амплуа”, у ІІ Рэспубліканскім тэатральным фестывалі-конкурсе “Арт-планета”, які праводзіўся ў Доме Масквы і па выніках якога нашы дзеці ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені, а іх педагогі — падзякамі, у раённым інклюзіўным семінары-фестывалі “Жыццём жыць” на базе бараўлянскай сярэдняй школы № 3, грузінскім праекце “Інклюзіўная адукацыя”. У 2020 годзе пад кіраўніцтвам настаўнікаў-дэфектолагаў С.Ф.Цімафеевай і А.У.Аляшкевіч наш тэатральны калектыў заняў 1-е месца ў раённым этапе гарадскога тэатральнага конкурсу “Тэатр бяспекі” з гульнёй-мюзіклам “Работа ратавальнікаў маімі вачыма” па матывах верша С.Я.Маршака “Пажар” і выйшаў на гарадскі этап, 2-е месца ў раённым конкурсе экалагічных агітбрыгад на тэму “Дзеці супраць смецця!” ЦДАДіМ “АРТ”, стаў лаўрэатам ІІ ступені IV Міжнароднага конкурсу дзіцячай тэатральнай творчасці “Пятрушка”, атрымаў дыплом І ступені Усерасійскага конкурсу “Інклюзіўная адукацыя дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя ва ўмовах рэалізацыі адукацыйных праграм” па тэме “Экалогія планеты Зямля” ад Навукова-адукацыйнага цэнтра педагагічных праектаў (Масква).

 З 1 студзеня 2020 года на базе школы функцыянуе інклюзіўная пляцоўка “Аднолькавыя”. Мы плануем не толькі праводзіць тэатралізаваныя паказы для сваіх педагогаў і бацькоў, але і запрашаць у школу гасцей з горада і краіны, падрыхтаваць сумесную пастаноўку з сямейным інклюзіў-тэатрам “і”. Будзем не проста прыцягваць увагу да праблемы асаблівых дзяцей, але і шукаць партнёраў і спонсараў. Інклюзіўны тэатр “Аднолькавыя” прыняў удзел у 14-м Рэспубліканскім конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend, дзе ўвайшоў у дваццатку лепшых, заняўшы пятае месца. У спонсараў мы просім грошай на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы тэатра, каб набыць зручныя для дзяцей мікрафоны, якія не трэба трымаць у руках, добрую апаратуру і тэхніку. Калі ж гаварыць аб развіцці нашай установы адукацыі ў цэлым, то хацелася б палепшыць яе матэрыяльнае аснашчэнне, наблізіўшы яго да патрэб розных дзяцей, напрыклад, стварыць сенсорны пакой, паўнацэннае безбар’ернае асяроддзе. У планах нашага калектыву — наладзіць міжнароднае супрацоўніцтва і абмен вопытам. Пачатак гэтаму пакладзены з педагогамі Рыжскай Усходняй сярэдняй школы, якія ўжо наведвалі нашу школу, а таксама з калегамі з Санкт-Пецярбурга, якія збіраюцца да нас у госці”.

Надзея ЦЕРАХАВА, Настауницкая газета 

23.07.2020

Марафон семейной медиации «Мир семьи»

Читать далее »
14.07.2020

Велосипедист, береги себя сам!!!

Читать далее »
08.07.2020

Правила безопасного поведения во дворах

Читать далее »